Дыялог ЕС і Беларусі: балючыя пытанні за дужкі, на парадку дня толькі прымальныя для Мінска пункты

20 октября 2015
Thinktanks.by
Политика

Якія найбліжэйшыя перспектывы ў стасунках Беларусі і Еўрапейскага саюзу, якім бачыцца развіццё беларуска-еўрапейскага дыялогу пасля прэзідэнцкіх выбараў «без сюрпрызаў»?

Сваё меркаванне на гэты конт выказвае старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў.

На V Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўна прадстаўнік BISS нагадаў гісторыю ўдзелу Беларусі ў праекце Еўрасаюзу «Усходняе партнёрства» і распавёў пра мажлівыя перспектывы далейшага знаходжання там нашай краіны.

«Двухбаковы трэк ініцыятывы «Усходняе партнёрства» для Беларусі закрыты, паколькі Беларусь не з'яўляецца паўнавартасным сябрам праграмы Еўрапейскай палітыкі суседства, адпаведна Беларусь дзейнічае толькі ў шматбаковым вымярэнні УП. Беларусь таксама не ўдзельнічае паўнавартасна ў Еўранэсце, міжпарламенцкай асамблеі краін, якія ўваходзяць у ЕС, і краін-партнёраў, – замест беларускіх дэпутатаў там час ад часу прысутнічаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Асноўны прынцып УП – more for more – не працуе ў беларускім кейсе, паколькі Беларусь ніколі не дэкларавала, што яна збіраецца ўступаць у Еўрапейскі саюз, адпаведна ніякіх «хатніх заданняў» Беларусь не схільная выконваць, каб атрымаць нешта ўзамен. Тым больш, што вось тое, што называецца «узамен», не настолькі прыцягальнае для беларускіх уладаў, каб рабіць сапраўды нейкія інстітуцыйныя рэформы і рухацца ў бок дэмакратыі, як таго хацеў бы Еўрапейскі саюз», - кажа Дзяніс Мельянцоў. Акрамя таго, нагадвае аналітык, сітуацыю пагаршала яшчэ і палітыка санкцый, перыяд 2011-2015 гадоў афіцыйны Мінск спрабаваў рабіць «насуперак ЕС, а не ў межах прынцыпу more for more – таму атрымалася, хутчэй, nothing for nothing”.

Эканамічна Беларусь таксама атрымала не вельмі шмат ад праекта «Усходняе партнёрства»: «ёсць таксама абмежаваны доступ Беларусі да еўрапейскіх фондаў, паколькі краіна не з'яўляецца паўнавартасным сябрам Еўрапейскай палітыкі суседства». Але па факце, лічыць Мельянцоў, «Усходняе партнёрства» застаецца вельмі важнай камунікацыйнай пляцоўкай для Беларусі. Напрыклад, кожны год збіраецца традыцыйная міністэрская сустрэча, кожныя паўгады праходзяць нефармальныя сустрэчы міністраў замежных спраў і іх намеснікаў, дзе можна абмеркаваць нейкія бягучыя справы. Каб не было гэтай ініцыятывы – такія б сустрэчы ўявіць сабе было б вельмі цяжка, зазначае аналітык. «Афіцыйны Мінск лічыць, што «Усходняе партнёрства» не дало насамрэч адчувальных вынікаў, то бок не мае практычнага значэння, якое Мінск хацеў бы мець: набор праектаў, якія ідуць у межах УП, не настолькі амбітны і прыцягвае не столькі інвестыцый, як хацелася б беларускай дзяржаве. І тыя падвойныя стандарты і дыскрымінацыя, выключанасць Беларусі з некаторых фарматаў УП, таксама не дадае пазітыву пры ацэнцы афіцыйным Мінскам гэтай праграмы. Тым не менш, «Усходняе партнёрства – гэта, скажам так, візуалізацыя альтэрнатывы адносінаў з Масквой, і гэта таксама элемент прэстыжу, таму што быць у праграме партнёрства з ЕС азначае ў некаторай ступені быць партнёрам ЕС, прынятым, прызнаным».

Што маецца на сёння? «Можна сказаць, што ўпершыню, напэўна, паміж ЕС і Беларуссю ёсць вельмі дакладны парадак дня, у межах якога адбываюцца сапраўды досыць грунтоўныя перамовы, якія могуць прывесці да нармалізацыі стасункаў. Самыя найбліжэйшыя – гэта перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадміссіі, эканамічныя, фінансавыя, у сферы навакольнага асяроддзя і адукацыі, па ахове межаў. Значэнне апошняга пытання яшчэ больш павялічваецца з-за міграцыйнага крызіса ў Еўрапейскім саюзе», - кажа Дзяніс Мельянцоў.

Калі ж казаць «пра нармалізацыю палітычную ў цэлым, то тут можна вылучыць таксама некалькі цікавых момантаў». «Гэта так званая прамежкавая фаза, якая зараз ідзе паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, у межах якой абмяркоўваецца, якім чынам ЕС мог бы дапамагчы мадэрнізацыі Беларусі ў выпадку, калі паўнавартасны дыялог распачнецца. Ёсць непублічная, але ЕС пацвярджае яе існаванне, дарожная мапа нармалізацыі, дзе прапісаныя канкрэтныя крокі, якім чынам і Беларусь, і ЕС мусяць рухацца, каб палепшыць палітычныя адносіны. Таксама зусім нядаўна было анансавана, што вядзецца праца над новым дакументам, які будзе апісваць эканамічную інтэграцыю, новы фармат эканамічных стасункаў паміж ЕС і Беларуссю», - паведаміў старэйшы аналітык BISS.

«Калі зрабіць падсумаванне, то можна сказаць, што «Усходняе партнёрства», нягледзячы на тое, што яно не прынесла нейкіх такіх салідных фінансавых бонусаў для Беларусі, тым не менш з'яўляецца для Беларусі праграмай важнай, бо спрыяе пашырэнню камунікацый і інстытуялізуе ўвогуле стасункі Беларусі з ЕС. Можна сказаць, што той механізм абумоўленасцяў, які быў закладзены ў дызайн УП, не спрацоўвае ў выпадку Беларусі, то бок УП не грае трансфармацыйнай ролі, але, тым не менш, яно захоўваецца як важны канал камунікацый, - зазначае Мельянцоў. - Відавочны трэнд на дэпалітызацыю адносін у межах «Усходняга партнёрства» і ўвогуле ў межах беларуска-еўрапейскіх адносінаў. І еўрапейскія чыноўнікі, і беларускія высокія чыноўнікі кажуць пра тое, што калі не атрымліваецца праводзіць перамовы па палітычных пытаннях, то нейкія балючыя рэчы трэба выносіць за дужкі і перамаўляцца па тых пытаннях, па якіх можна перамаўляцца, па тых, якія не выклікаюць непрымання беларускім бокам. Тут самым, напэўна, перспектыўным момантам, які дае надзею на будучае развіццё стасункаў, з'яўляецца якраз той мадэрнізацыйны дыялог, або так званая прамежкавая фаза, якая на сённяшні дзень ёсць драйверам беларуска-еўрапейскай камунікацыі. І беларускі бок вельмі зацікаўлены ў дыялогу, і ЕС таксама бачыць, што гэта вырашальныя пытанні. На фоне ўкраінскага крызісу і вельмі напружаных адносінаў паміж Расійскай Федэрацыяй і ЕС еўрапейскі бок усё ж такі схільны не працаваць на нейкую палітычную дэстабілізацыю, а больш зацікаўлены ў эканамічным вымярэнні нашых адносінаў».


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: