Рыгор Астапеня: Беларускі рубель – якраз самы стабільны складнік у нашай стабільна дрэннай сітуацыі

06 ноября 2015
Thinktanks.by
Экономика

Прадстаўнікі ўлады на Кастрычніцкім эканамічным форуме казалі шмат і пра непазбежнасць рэформ, і пра тое, што можа быць ў 2016-м – калі сітуацыя рэзка пагоршыцца.

На думку Рыгора Астапені, дырэктара па развіццю і аналітыка Цэнтра Астрагорскага, заснавальніка і галоўнага рэдактара інтэрнэт-часопіса «Ідэя», чыноўнікі дагэтуль не вызначыліся наконт таго, што яны бачаць рэформамі. Аб гэтым ен паведамiў Thinktanks.by:

- Пытанне ў тым, пра якія менавіта рэформы вядзецца гаворка. Бо ў выступах людзей з Адміністрацыі прэзідэнта ці ў выступах Аляксандра Лукашэнкі рэформы часта бываюць рознымі. Нехта кажа пра больш паглыбленыя рэформы, часам бываюць адкаты накштал таго, які быў 20 кастрычніка на выступе кіраўніка дзяржавы, калі ён сказаў пра рэфармаванне шляхам удасканалення таго, што маем. То бок можна казаць пра тое, што няма канкрэтыкі ў беларускіх уладаў наконт таго, якія ж менавіта рэформы яны хочуць. І праўдападобна, што калі Беларусь усё ж такі атрымае крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонда, то некаторыя рэформы будуць праведзеныя, бо гэта вынікае не толькі з жадання супрацоўнічаць з МВФ і магчымасці атрымаць грошы, але з разумення таго, што сённяшняя сістэма беларускай эканомікі проста не выжыве, калі будзе працягваць стары шлях. Тыя грошы, што, магчыма, прыйдуць ад МВФ – гэта ж невялікая сума. 3,5 мільярды долараў – па беларускіх традыцыях марнавання фінансаў, гэта не тыя рэсурсы, якімі можна было б закрыць шмат дзірак, каб працягваць звыклую палітыку.

- Якіх менавіта рэформ тады чакаць? Жыллёва-камунальная гаспадарка?

- Я спадзяюся, што ўсё ж такі некаторыя рэформы закрануць фінансаванне дзяржаўных прадпрыемстваў, што будзе зменшана колькасць крэдытаў, якія марна выдаткоўваюцца, маю на ўвазе тыя крэдыты, якія звычайна ў беларускай эканоміцы не вяртаюцца. Плюс некаторыя рэчы, што ўлады будуць праводзіць пад лібералізацыйнымі лозунгамі, хоць насамрэч гэта будзе перакладаннем кошту на грамадства, як, напрыклад, праз увядзенне поўнай аплаты паслуг ЖКГ.

- Перспектывы нацыянальнай валюты?

- Гэта, мне здаецца, найбольш стабільны складнік у нашай сітуацыі на сённяшні момант, бо кіраўніцтва Нацбанку ўпэўнена праводзіць палітыку лібералізацыі, свабоднага росту беларускай валюты. Фактычна, сёння курс беларускага рубля да долара і еўра адпавядае праўдзе. І казаць, што сітуацыя з рублём істотна зменіцца – не выпадае, калі, канешне, не казаць пра магчымыя істотныя змены ў сусветнай эканоміцы. Напрыклад, калі адбыліся сур'ёзныя змены на фінансавым рынку Кітая, то змены былі і з беларускім рублём. Такія фактары могуць найбольш паўплываць на курс беларускага рубля, чым сённяшнія падзеі ў Беларусі. Унутры краіны ўсё і так ужо стабільна дрэнна.

- На форуме з вуснаў чыноўнікаў гучалі скаргі ў адрас кадраў, маўляў, не так разумеюць мэты, не «заходнія» мазгі, каб праводзіць рэформы.

- Насамрэч, пытанне з кадрамі не настолькі цяжкае, як магло б падавацца. Галоўнае пытанне – гэта палітычная воля. Пытанне ў тым, што неабходна, каб Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб правядзенні рэформаў. І тады кадры ў нас, напэўна, з'явяцца. Тут істотна разумець, што насамрэч рэформы не патрабуюць такіх ужо вялікіх інтэлектуальных высілкаў, як пра гэта часта кажуць і уяўляюць. Усе краіны Усходняй Еўропы прайшлі праз гэта, абапіраючыся на досвед гэтых краін, можна правесці за некалькі гадоў даволі добрыя рашэнні. Беларускія ўлады сапраўды баяцца таго, што сітуацыя пры рэфармаванні можа выйсці з-пад кантролю, што ліберальныя рэформы яшчэ больш пагоршаць стан эканомікі, што, у сваю чаргу, пацягне рост незадаволенасці людзей.

Кастрычніцкі эканамічны форум – гэта пляцоўка дзеля адкрытага грамадству прафесійнага дыялогу аб устойлівым развіцці Беларусі ў кантэксце развіцця глабальнай эканомікі. KEF быў створаны беларускімі эканамічнымі аналітычнымі цэнтрамі – Даследчым цэнтрам ІПМ у супрацы з Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтрам (BEROC) і Цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus.


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: