Кангрэс даследчыкаў Беларусі пройдзе ў Вільні з новым партнёрам – ЕГУ

15 мая 2019
Сяргей Запрудскі, Thinktanks.by
Общество

27-29 верасня ў літоўскай сталіцы пройдзе VIII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Чакаецца каля 550 удзельнікаў, якія будуць працаваць па 14 даследчых накірунках.

Вяртанне галоўнай акадэмічнай падзеі года

Першы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе ў літоўскім Каўнасе ў партнёрстве з Універсітэтам Вітаўта Вялікага. У Каўнасе мерапрыемства праходзіла да 2016 года, у 2017-м Кангрэс быў арганізаваны ў Варшаве. У 2018 годзе па тэхнічных прычынах Кангрэс не змог адбыцца ў Мінску, аргкамітэт аб'явіў яго перанос на 2019 год.

Доктар Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытута «Палітычная сфера», кажа, што нягледзячы на перапынак, выкліканы бюракратычнымі цяжкасцямі, што не далі правесці Кангрэс-2019, у Вільні плануецца ўбачыць прыкладна столькі ж даследчыкаў, як і ў мінулыя гады. «Ідэя правядзення Кангрэсу ўзнікла на сустрэчы беларускіх і літоўскіх даследчыкаў і інтэлектуалаў у 2010 годзе. Планавалася спачатку, што гэта будзе рэгулярная канферэнцыя на 100 удзельнікаў, прысвечаная розным аспектам даследавання сучаснай Беларусі. Але ўжо першы конкурс на Кангрэс, абвешчаны ў 2011 годзе, паказаў вельмі вялікую запатрабаванасць такога кшталту пляцоўкі – удзельнічала 250 даследчыкаў, вельмі хутка колькасць вырасла да 550 чалавек. Зараз прыблізна ў гэтых межах колькасць удзельнікаў і ўсталявалася», - зазначыў Андрэй Казакевіч.

Чаго чакаць

На Кангрэсе будзе працаваць 18-19 секцый, 60-65 тэматычных панэляў, 5-7 круглых сталоў, адбудзецца таксама цырымонія надання Прэміі за лепшую публікацыю па выніках 2018 года.

«Тэмаў будзе шмат. Яшчэ працягваецца прыём заявак – ён будзе ісці да 25 мая, заяўкі можна зарэгістраваць на сайце icbs.palityka.org», - сказаў Андрэй Казакевіч.

Праца адбудзецца па наступных накірунках:

1. Сусветная палітыка і бяспека, асабліва ў кантэксце ўплыву на наш рэгіён зменаў у міжнародным асяроддзі, гэта новая знешняя палітыка Злучаных Штатаў, гэта ўзмацненне Кітаю, фактар Расіі – сусветнае супрацьстаянне.

2. Еўразійская інтэграцыя. Яна зараз у крызісе, але так ці інакш стасункі з Расіяй застаюцца на першых старонках нашых медыя.

3. Урбаністыка і развіццё гарадоў.

4. Няроўнасць рэгіёнаў. Разрыў паміж Мінскам і рэгіёнамі толькі павялічваецца апошнія гады.

5. Структурныя рэформы і эканамічны крызіс.

6. Медыйныя войны і крызіс СМІ.

7. Праблемы сучаснай адукацыі. Дастаткова сказаць, што зараз навуковыя даследаванні фінансуюцца на 40% менш, чым 10 год таму.

8. Будзе адзначана некалькі юбілейных дат – 450 гадоў Люблінскай уніі. 100 гадоў БССР, 1000 гадоў Берасця.

9. Лінгвістыка – праблема перакладаў, праблема старабеларускай мовы як феномена.

«Зазначу, што гэта прыблізная факусіроўка – усяго на Кангрэсе будзе 60-65 тэмаў», - сказаў дырэктар «Палітычнай сферы».

ЕГУ заахвочвае студэнтаў

Кіраўнік аддзелу камунікацыі і развіцця Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Максімас Мілта кажа, што «тое, што ЕГУ стаў партнёрам Кангрэсу, будзе карысным для тых, хто яшчэ не стаў навукоўцам і даследчыкам, але ў пэўны момант можа стаць такім – гаворка пра нашых студэнтаў». Мерапрыемствы Кангрэсу будуць праходзіць у вучэбных карпусах ЕГУ – былым кляштары Аўгустынаў васямнадцатага стагоддзя і касцёле Паны Марыі суцяшэння.

Заўважым, што Універсітэт Вітаўта Вялікага – сузаснавальнік Кангрэсу – таксама застаецца ў супрацы з беларускімі арганізатарамі. На прэс-сняданку ў Менску гэта пацвердзілі прадстаўнікі ўніверсітэту Русціс Камунтавічус і Томаш Блашчак.

Спадзевы застаюцца

Што да правядзення Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Беларусі, то, як сказаў Андрэй Казакевіч, арганізатары ад гэтай ідэі ўсё ж канчаткова не адмовіліся. «У мінулым годзе не атрымалася правесці кангрэс у Мінску, нягледзячы на нашы намаганні і досыць удалыя спачатку перамовы з беларускімі акадэмічнымі ўстановамі, перш за ўсё з БДУ. Гэтага не адбылося, хутчэй, з-за розных бюракратычных прычын. Мы ў гэтым не бачым нейкага палітычнага кантэксту. Паспрабуем правесці кангрэс у Беларусі ў 2020 годзе. Мы ўсё ж такі спадзяемся, што кангрэс пройдзе на тэрыторыі краіны», - зазначыў Андрэй Казакевіч.

Поделиться: