2-4 кастрычніка ў літоўскі горад Коўна (Каўнас) з’едуцца каля 450 навукоўцаў з 22 краін свету, каб абмяркаваць вынікі сваёй працы па даследванням Беларусi за год.
Кангрэс - найбуйнешая акадэмічная і экспертная падзея году, якую традыцыйна ладзіць Інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера". Праца навуковых секцыяў і панэляў будзе адбывацца ў сцянах Vytautas Magnus University (універсітэт Вітаўта Вялікага).
У фокусе ўвагі навукоўцаў апынецца не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Шырокая праблематыка - ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры - будзе разглядацца цягам трох дзён.
У межах Кангрэсу адбудзецца наданне Прэміі даследчыкам за найлепшую навуковую публікацыю па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Шорт-лісты прэтэндэнтаў на перамогу ўжо абвешчаныя.
Шмат увагі на сёлетнім Кангрэсе будзе нададзена пытанням бяспекі ў рэгіёне, паведаміў дырэктар "Палітычнай сферы" Андрэй Казакевіч. Гэта звязана з працэсамі, якія адбываюцца на пост-савецкай прасторы - падзеямі ва Украіне і агульным павышэннем напружнасці паміж Расіяй і Захадам. Дадзенай праблеме будуць прысвечаны некалькі навуковых панэляў. Пытанні еўразійскай інтэграцыі і пытанні міграцыі ў Беларусі і ў нашым рэгіёне таксама апынуцца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў.
Ужо добрай традыцыяй для Кангрэсу стала праца асобнай секцыі, прысвечанай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, якая збярэ найлепшых гісторыкаў для буйных дыскусій і гэтым разам. Як і раней, будуць працаваць секцыі, прысвечаная пытанням развіцця эканомікі, новай і найноўшай гісторыі, мовы, культуры, літаратуры, рэлігіі, інтэлектуальных традыцый у Беларусі.
Міжнародная пляцоўка чакае для палемікі спецыялістаў практычна ўсяго спектра сацыяльна-палітычных і гуманітарных дысцыплінаў - як для абмеркавання, так і для атрымання інфармацыі.
Месца правядзення - Lietuva, Kaunas, K. Donelaičio g. 58, Vytauto Didžiojo universitetas (Vytautas Magnus University)
Дата правядзення - 2-4 кастрычніка 2015 г.
Спампаваць падрабязную праграму Кангрэсу і даведацца пра расклад працы секцый і панэляў можна тут.
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Гэта самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея, у якой бяруць удзел усе асноўныя аналітычныя цэнтры даследванняў палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Кангрэс - выдатная магчымасць распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі ды іншых краін.
ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.