TakshilaOnline.com

Цэнтр Астрагорскага: Беларусь становіцца нейтральнай, каб выжыць

31 октября 2016
ostro.by
Политика
TakshilaOnline.com

Цэнтр Астрагорскага апублікаваў даследаванне “Элементы нейтралітэту ў беларускай знешняй палітыцы і палітыцы нацыянальнай бяспекі”. Яго аўтары – Сяргей Богдан і Гумер Ісаеў.

Thinktanks.by прапануе сінопсіс даследвання, якi Цэнтр Астрагорскага апублiкаваў на сайце ostro.by

Тэндэнцыя да рэальнага нейтралітэту Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе паступова павялічваецца. На працягу доўгага часу ён быў няправільна вытлумачаны як апартуністычнае хістанне Мінска паміж Масквой і Захадам. Але да сярэдзіны 2010-х гадоў гэтыя элементы нейтралітэту сталі трывалай часткай беларускай знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі.

Гэта, натуральна, наводзіць на пытанне, ці нейтральнасць ёсць жыццяздольным варыянтам існавання беларускай дзяржавы. Да гэтага часу Масква прымала такія паводзіны, хоць іншыя краіны адмовіліся ставіцца да іх сур’ёзна. Тым не менш, нейтралітэт можа быць адзіным шляхам выжывання Беларусі як дзяржава ў сучасных умовах.

Першая вялікая даследчая праца па беларускім нейтралітэце

Для мэтаў дадзенай публікацыі нейтралітэт вызначаецца на аснове палітычнай практыкі сучаснасці, а не фармальна-прававых паняццяў. Такім чынам, нейтралітэт абазначае палітыку, накіраваную на падтрыманне дыстанцыі ад палітычных і ваенных блокаў, а таксама пазіцыяў бакоў у канфліктах.

Гэта дыстанцыя, вядома ж, адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтных абставінаў. Яна можа ўключаць у сябе фармальны ўдзел ў палітычнай і ваеннай інтэграцыі, а таксама двухбаковыя пагадненні ў сферы бяспекі, калі яны моцна не ўплываюць на міжнароднае становішча краіны.

Зважаючы на надзвычай цеснае перапляценне беларуска-расійскіх адносінаў і іх ключавую ролю ва ўсёй беларускай вонкавай палітыцы, дадзеная праца засяроджваецца на стасунках паміж Мінскам і Масквой як галоўнай кропцы адліку ў даследаванні. Усе спробы Беларусі сцвердзіць свой нейтралітэт нязменна пачынаюцца з адпаведнага дапасавання беларуска-расійскіх адносінаў. Такім чынам, даследаванне вывучала тыя пытанні, у адносінах да якіх беларуская пазіцыя адрознівалася ад расійскай, але Беларусь не станавілася на бок апанентаў Расіі.

Нейтралітэт або дрэйф на Захад?

Праблемы і падзеі, па якіх беларуская знешняя палітыка адрозніваліся ад расійскай у 2006-2016 гадах

Падзея Важнасць для Беларусі Важнасць для Расіі Важнасць для Захаду
Збліжэнне з Украінай з 2006 г. высокая нізкая Нізкая
Збліжэнне з Грузіяй з 2006 г. нізкая нізкая Нізкая
Збліжэнне з ШАС з 2006 г. і больш актыўны ўдзел у арганізацыі з 2009 г. сярэдняя сярэдняя ці высокая (з пачатку 2010-х гг.) Нізкая
Пазіцыя адносна вайны 2008 г. у Грузіі нізкая высокая высокая
Непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларуссю ў 2008 г. нізкая высокая высокая
Супрацоўніцтва з расійскай апазіцыяй у канцы 2000-х гг. (Беразоўскі) высокая высокая нізкая
Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў 2010-2012 гг. высокая высокая нізкая
Прадастаўленне палітычнага прытулку Бакіеву пасля 2010 г. нізкая нізкая нізкая
Непрызнанне анексіі Крыма пасля 2014 г. сярэдняя высокая высокая
Адмаўленне ад падтрымкі Расіі ў канфлікце ва Ўсходняй Украіне з 2014 г. высокая высокая высокая
Адмаўленне ад падтрымкі Расіі ў канфлікце з Турцыяй з 2015 г. нізкая высокая нізкая

Асноўныя высновы працы:

  • Беларусь абвесціла пра сваё імкненне дасягнуць нейтралітэту ў Канстытуцыі 1994 года. Аднак беларускія палітыкі былі мала зацікаўленыя ў абмеркаванні і вызначэнні шляхоў яго дасягнення. На працягу многіх гадоў беларускі нейтралітэт заставаўся фікцыяй, бо Мінск быў адданым саюзнікам Расіі.
  • Палітыка, што праводзілася беларускім урадам з канца 2000-х гг., прывяла да з’яўлення фактычнага нейтралітэту. Ён з’явіўся ў выніку адмысловых рашэнняў беларускага кіраўніцтва адносна галоўных пытанняў знешняй палітыкі ды палітыкі нацыянальнай бяспекі краіны.
  • Мінск стараўся не прымаць бок Расіі ў яе напорыстай палітыцы ў краінах былога Савецкага Саюза і на Блізкім Усходзе, развіваў адносіны з апанентамі Расіі і выступаў супраць перакройвання межаў былых краінаў СССР. Адначасова з гэтым беларускі ўрад пераглядаў палітыку нацыянальнай бяспекі краіны, абмяжоўваў вайсковую прысутнасць Расіі ды павялічваў аўтаномнасць беларускіх узброеных сілаў і сілавых структураў.
  • Некаторыя расійскія эксперты абвіначвалі Мінск у адкрытым пераходзе на бок Захаду. Аднак Мінск пазбягаў канфрантацыі з Расіяй ды супрацьпастаўлення сябе ёй. Таму для азначэння палітыкі, якую цяпер праводзяць беларускія ўлады, больш пасуе тэрмін нейтралітэт.

Рэкамендацыі: нейтралітэт патрабуе ўдзелу ўсіх асноўных палітычных сілаў

Беларусь у АДКБ

Беларусь ёсць сябрам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, але гэта мала што значыць для знешнепалітычнай лініі краіны. Фота: vsr.mil.by

Аўтары артыкула робяць выснову, што беларускі нейтралітэт будуецца на сітуацыйных рашэннях, і таму церпіць ад часам адмоўнага асвятлення СМІ і кволай экспертнай падтрымкі. Перспектывы беларускага нейтралітэту застаюцца няпэўнымі, бо ён па-ранейшаму не прызнаны як мае быць ані на Ўсходзе, ані на Захадзе, ані суседнімі дзяржавамі.

Бясспрэчна, для рэалізацыі мадэлі нейтралітэту беларускаму ўраду патрэбна вырашыць некалькі складаных задач. Перш за ўсё, неабходна забяспечыць прызнанне беларускага нейтралітэту з боку замежных партнёраў, у першую чаргу Расіі. Для гэтага Мінск павінен даказаць, што ягоны нейтралітэт не скончыцца тым, што Беларусь зойме празаходнюю і антырасійскую пазіцыю.

Іншымі словамі, нейтралітэт Беларусі павінен быць прымальным для Масквы. Гэта азначае разумнае самаабмежаванне для беларускай знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі, а таксама разумнае самаабмежаванне ва ўнутранай палітычнай дыскусіі. Такая палітыка можа быць паспяховай і быць прынятай Расіяй і іншымі краінамі толькі тады, калі яна будзе падтрымлівацца вельмі шырокімі групамі беларускага грамадства.

Тым не менш, большасць апазіцыі і СМІ, не залежных ад беларускага ўрада, а таксама звязаныя з імі супольнасці аналітыкаў на сённяшні дзень не гатовыя падтрымаць нейтралітэт. Асабліва неахвотна яны падтрымліваюць мадэль нейтралітэту, якая прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з Расіяй (як гэта было ў фінскай мадэлі пасля Другой сусветнай вайны).

Праблема, праўдападобна, носіць усеагульны характар і не абмяжоўваецца толькі Беларуссю. Усе іншыя варыянты знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі, акрамя ўступлення ў АПАД (НАТО) і ЕС, былі адхіленыя кіроўнымі элітамі дзяржаў рэгіёна цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, і Мінску будзе вельмі цяжка змяніць гэты лад думкі. Але цяперашні беларускі ўрад не мае іншага выбару, акрамя як пераканаць шырэйшыя колы беларускай апазіцыі ў неабходнасці падтрымаць варыянт нейтралітэту. Ён здолее зрабіць гэта толькі калі палітычны рэжым стане больш плюралістычным і ўсеахопным (інклюзіўным), а канструктыўныя сілы апазіцыі будуць браць удзел у кіраванні краінай.

Шырэйшая грамадская падтрымка нейтралітэту неабходная, сярод іншага, і для таго, каб пераканаць Расію, што нейтралітэт – гэта сапраўдная мэта ўсіх асноўных палітычных сілаў Беларусі. У адваротным выпадку існуе надзвычай высокая рызыка – калі не абсалютная пэўнасць, – што Расія будзе ўспрымаць беларускі нейтралітэт як канцэпцыю, якую падтрымлівае толькі нейкая асобная палітычная групоўка і якая будзе адразу адкінутая Мінскам, як толькі расстаноўка сіл ва ўнутранай беларускай палітыцы зменіцца.

Караткевіч за нейтралітэт

Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч запатрабавала рэалізацыі прынцыпу нейтральнасці ў верасні 2015 г. Фота: БелаПАН.

Гэтаксама, каб пераканаць Расію ў сапраўднасці і шчырасці беларускага нейтралітэту, Мінску патрэбны вайсковы патэнцыял, які б гарантаваў, што бяспека Расіі не будзе пастаўленая пад пагрозу з-за слабасці Беларусі або з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі. Для гэтага Мінск павінен звярнуць увагу на аргументаваныя і легітымныя патрэбы Расіі ў галіне бяспекі. Напрыклад, ён можа працягваць супрацу з Расіяй у галіне  супрацьпаветранай абароны. Па-другое, Мінск павінен звярнуць увагу на расійскія патрэбы і чуллівыя месцы ў фармаванні беларускіх узброеных сілаў, напрыклад праз разгортванне пэўных сістэмаў узбраення.

Перадвызначаны выбар?

У Беларусі можа не застацца іншага выйсця, акрамя як стаць нейтральнай дзяржавай. Беларускія эліты таксама бачаць, што быць саюзнікам Расіі становіцца ўсё больш рызыкоўна. У той жа час, улічваючы беларускае геаграфічнае становішча, палітэканамічную базу, культурныя і гістарычныя сувязі, Мінск не можа проста “дэзерціраваць” і далучыцца да празаходніх блокаў і арганізацый.

Апытанні грамадскай думкі і іншыя доказы сведчаць, што большасць беларусаў схіляецца да нейтралітэту. Нейтралітэт таксама можа быць падтрыманы ў тым ліку значнымі сегментамі палітычных, эканамічных і культурных эліт краіны.

Іншыя варыянты знешнепалітычнага выбару пагражаюць прывесці да ўнутрыпалітычнага супрацьстаяння. Зважаючы на цяперашняе геапалітычнае становішча Беларусі і сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне, якія бадай застануцца нязменнымі ў агляднай будучыні, нейтралітэт можа быць для беларускай дзяржавы адным з вельмі нямногіх спосабаў выжыць, забяспечыць развіццё і дамагчыся поспеху.

Чытаць аналітычны дакумент цалкам: Элементы нейтралітэту ў беларускай знешняй палітыцы і палітыцы нацыянальнай бяспекі.

Пра аўтараў:

Сяргей Богдан – асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, магістр гуманітарных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве. Сяргей паходзіць з Маладзечна, Беларусь. Кантактны адрас: s.bohdan@ostrogorski.org

Гумер Ісаеў – дацэнт універсітэта Сулейман Шах у Стамбуле, Турцыя, да яго закрыцця ў выніку палітычных пераследаў, што пачаліся пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў ліпені 2016 г. Магістр і кандыдат навук Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Расіі. Гумер паходзіць з Санкт-Пецярбурга, Расія. Кантактны адрас: gisaev@gmail.com


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: