Цэнтр Астрагорскага: Нефармальная адукацыя павінна выкарыстоўваць новыя бізнэс-мадэлі

11 ноября 2016
Thinktanks.by
Общество

Цэнтр Астрагорскага прадставiў даследаванне «Нефармальная адукацыя ў Беларусі: пашырэнне прасторы навучання».

Аўтарамi публікацыі сталi эксперты цэнтра Яраслаў Крывой і Вадзім Смок.

Як гаворыцца ва уводзiнах да працы «Нефармальная адукацыя ў Беларусі: пашырэнне прасторы навучання», галоўнай мэтай гэтага даследавання з’яўляецца фармулёўка рэкамендацый для павышэння эфектыўнасці нефармальнай адукацыі ў Беларусі.

Каб зразумець, як рэалізуецца нефармальная адукацыя ў беларускім кантэксце, у красавіку-маі 2016 года аўтары апыталі кіраўнікоў трох найбуйнейшых адукацыйных праектаў, якія прапануюць нефармальныя акадэмічныя праграмы: Беларускі Калегіум, Лятучы ўніверсітэт і Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB). Таксама праводзілася апытанне ў трох фокус-групах са студэнтамі дадзеных праектаў.

Прапануем вашай увазе рэкамендацыi, якiя зрабiлi даследчыкi:

Развіццё практычных навыкаў

Многія беларускія спецыялісты ў сферы адукацыі мяркуюць, што стратэгія развіцця нефармальнай адукацыі ў Беларусі павінна прадугледжваць тры паслядоўныя этапы: дэсаветызацыя, беларусізацыя і еўрапеізацыя. Тым не менш, важна таксама развіваць навыкі, якія дазволяць людзям паспяхова дзейнічаць ва ўмовах рынкавай эканомікі. Паводле аднаго з сацыялагічных апытанняў, асноўнай матывацыяй для ўдзелу ў адукацыйных ініцыятывах з’яўляецца прафесійны інтарэс (51,1%), у той час як больш за траціну апытаных (36,6%) імкнуцца пашырыць свае гарызонты, і яшчэ траціна (34%) хочуць атрымаць магчымасць мець зносіны з цікавымі людзьмі. Разам з грамадзянскім удзелам нефармальная адукацыя павінна спрыяць развіццю прадпрымальніцкіх навыкаў, творчасці, здольнасцяў да інавацый і рызык, а таксама навыкаў планавання і кіравання праектамі для дасягнення пастаўленых мэтаў.

Увядзенне новых бізнэс-мадэляў

Плата за курсы, якія прапануюць практычныя навыкі, можа дапамагчы ўстановам нефармальнай адукацыі часткова вырашыць адну з сваіх галоўных праблем ‒ недахоп сродкаў. Увядзенне рынкавых падыходаў патрабуе дадатковых пераўтварэнняў і засваення бізнес-мадэляў. Праекты павінны мець эфектыўныя стратэгіі брэндынгу і рэкламы, арыентавацца на практычныя веды і быць здольнымі прадставіць і прадаць свае прапановы.

Навучанне выкладчыкаў

Паводле аднаго з меркаванняў, да асноўных патрэбаў НДА ў галіне грамадзянскай адукацыі ў Беларусі належыць патрэба ў большай колькасці і лепшай якасці прафесійных настаўнікаў, паляпшэнне арганізацыйнага развіцця НДА і сетак грамадзянскай адукацыі, асабліва на рэгіянальным узроўні. Вось чаму неабходна аддаваць прыярытэт эфекту множання; больш увагі павінны атрымліваць тыя, хто можа распаўсюджваць веды і навыкі і мае доступ да больш шырокай аўдыторыі. Да гэтах групаў належаць школьныя настаўнікі, універсітэцкія выкладчыкі, сацыяльныя работнікі, лекары і гэтак далей.

Паляпшэнне маркетынгу

Апытанне, праведзенае на 5-м Фестывалі нефармальнай адукацыі, паказала, што адным з галоўных прыярытэтаў нефармальнай адукацыі павінна быць больш актыўная праца са сродкамі масавай інфармацыі, каб зрабіць яе больш папулярнай, растлумачыць яе карысць для дзяржавы, а таксама павысіць узровень прафесіяналізму беларускіх адукатараў. Сёння эфектыўная стратэгія медыя-рэпрэзентацыі грае вырашальную ролю ў пашырэнні адукацыйных праектаў. Сучасны, добра структураваны вэб-сайт і актыўныя рахункі ў сацыяльных сетках з’яўляюцца абавязковымі для любога праекта, які імкнецца зацікавіць маладое пакаленне. Больш дакладнае вызначэнне мэтавай аўдыторыі і распрацоўка інструментаў для яе дасягнення дапамогуць зрабіць прапановы нефармальнай адукацыі больш вядомымі ў грамадстве. Адмыслоўцы-практыкі таксама павінны паказваць, якую выгаду атрымаюць студэнты ад заняткаў, якіх практычных вынікаў дасягнуць і як яны змогуць скарыстаць гэтыя веды ў жыцці.

 Стварэнне партнёрстваў

Нефармальныя адукацыйныя ўстановы могуць павысіць свой патэнцыял шляхам наладжвання эфектыўнага партнёрства з дзяржаўнымі ўстановамі, НДА і бізнэсам. Нягледзячы на тое, што беларуская дзяржава застаецца даволі неахвотным і насцярожаным партнёрам, апошнія падзеі паказваюць, што ўлады становяцца ўсё больш адкрытымі для ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Прызнанне кваліфікацый

Нягледзячы на тое, што прызнанне нефармальнай адукацыі беларускімі ўладамі ці вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў Беларусі па-ранейшаму застаецца праблемай па палітычных прычынах, варта разглядаць магчымасць такога прызнання навучальнымі ўстановамі за мяжой, асабліва тымі, што маюць праграмы, звязаныя з Беларуссю. Пасведчанне аўтарытэтнай вышэйшай навучальнай установы можа мець большы прэстыж, чым проста факт наведвання нефармальных курсаў.

Выкарыстанне новых тэхналогій

З улікам таго, што Беларусь з’яўляецца адным з лідараў афшорнай распрацоўкі праграмнага забеспячэння і характарызуецца адным з найвышэйшых узроўняў распаўсюджання шырокапалоснага Інтэрнэту ў Еўропе, для адукацыйных праектаў было б лагічна выкарыстоўваць Інтэрнэт і новыя тэхналогіі ў сваёй працы. Тэхналогіі маглі б сыграць асабліва важную ролю ў фармаванні партнёрскіх адносін з універсітэтамі ў Еўрапейскім саюзе, якія маглі б прызнаваць веды, атрыманыя ў Беларусі, нават калі афіцыйныя беларускія ўніверсітэты не хочуць рабіць гэтага па ідэалагічных ці іншых прычынах. Лічбавыя значкі таксама могуць быць карыснымі ў галіне нефармальнай адукацыі як форма прызнання вынікаў навучання і прыцягнення працадаўцаў і працаўнікоў па-за межамі сістэмы фармальнай адукацыі.

Поделиться: