Гадавы памер рынку бізнес-адукацыі з 2014 года зменшыўся амаль у два разы

31 января 2017
Thinktanks.by
Экономика

Паводле ўдзельнікаў рынку, гадавы памер рынку прыватных кампаній зменшыўся магчыма нават у два разы ад пачатку крызісу ў 2014 годзе, калі ён складаў ад 6,5 млн да 10,5 млн даляраў.

Гэтыя дадзенныя прыводзяцца ў новай аналітычнай паперы “Беларуская бізнес-адукацыя: ад каманднай эканомікі да рынку”, якя была апублікавана Цэнтрам Астрагорскага.

Аўтар працы Рыгор Астапеня падкрэслiвае, што нягледзячы на змяньшэнне рынку ў далярах, у беларускіх рублях ен застаўся такім жа самым, калі ўлічваць інфляцыю і дэвальвацыю беларускай грашовай адзiнкi. Цяпер рынак патроху ажывае, але эканамiчны крызiс, напэўна, скончыцца няхутка i ўдзельнiкам сектара трэба будзе да гэтага прыстасоўвацца.

Стан i праблемы

Як азначаецца ў аналітычнай паперы, на сённяшні момант рынак бізнес-адукацыі здамінаваны чатырма асноўнымі акторамі. Гэта прыватныя кампаніі “Бізнес-школа Інстытута прыватызацыі і менеджмента”, Кансалтынгавая група “Здесь и сейчас”, “Бізнес-школа ХХІ век” і дзяржаўны Інстытут бізнеса і менеджмента тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На долю гэтых установаў прыпадае каля паловы рынку правайдараў бізнес-адукацыі.

Беларускія ўлады выказваюць зацікаўленасць у развіцці бізнес-адукацыі ў Беларусі, пра што сведчыць прыняцце ў 2015 годзе “Канцэпцыі фарміравання і развіцця сістэмы бізнес-адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Праблема толькі ў тым, што Канцэпцыя мае празмерна завышаныя мэты, а план па яе рэалізацыі пакуль не выконваецца. Напрыклад, застаецца незразумелым якім чынам вырасце рынак бізнес-адукацыі да $50 млн да 2020 году ва ўмовах эканамічнай стагнацыі. Магчыма, што планы па рэалізацыі Канцэпцыі дэталізуюцца, калі паўстане Рэспубліканская рада па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі – праўдападобна, што гэта адбудзецца ў 2017 годзе.

Як пiша Рыгор Астапеня, галоўнае, што хочуць прадстаўнікі бізнес-школаў (як прыватных, гэтак і дзяржаўных) ад працы будучай Рэспубліканскай рады – гэта дастасаванне дзяржаўных рэгуляцыяў да сучасных рэаліяў. Напрыклад, многія метады бізнес-школ, як коўчынг ці case-study проста не адпавядаюць рэгламентам акадэмічных універсітэтаў. Даволі натуральна, што прадстаўнікі прыватных бізнес-школаў хацелі б пайсці як мага далей у лібералізацыі рынку.

У паперы адзначаецца, што асноўнымi праблемамi сферы бізнес-навучання ў Беларусi з’яўляюцца дзяржаўныя рэгуляцыі, слабая інтэграцыя ў міжнародную адукацыйную прастору i малая прысутнасць бізнес-адукатараў у рэгіёнах Беларусі.

Рэкамендацыі па развіцці бізнес-адукацыі

На погляд даследчыка, значная праблема беларускіх бізнес-адукатараў у тым, што эканамічны крызіс у Беларусі не скончыцца як мінімум у бліжэйшыя некалькі гадоў. Гэта азначае, што попыт на большасць бізнес-школаў, калі і будзе расці, то нязначна. У такіх умовах ёсць тры рэчы, на якіх павінны факусавацца беларускі ўрад, міжнародная супольнасць і бізнес-адукатары, каб палепшыць стан беларускай бізнес-адукацыі.

«Ва ўмовах, калі эканамічныя стымулы росту рынку адсутнічаюць, беларускі ўрад мог бы пазбавіць сферу непатрэбных рэгуляцыяў, якія замінаюць развіццю бізнес-адукацыі, што паслужыла б штуршком для росту канкурэнцыі сярод бізнес-школаў. Ад гэтага выйграюць не толькі прыватныя школы, але і дзяржаўныя, якія пазбавяцца неабходнасці дастасоўваць уласныя праграмы да рэгуляцыяў універсітэтаў альбо Міністэрства адукацыі і атрымаюць магчымасць прыцягнення інвестараў.

Міжнародная супольнасць можа адыграць пазітыўную ролю, падтрымліваючы метадалагічнае развіццё бізнес-адукатараў у Беларусі. Сёння беларускія бізнес-школы патрабуюць метадалагічнага навучання, каб сфармаваць доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы, асабліва гэта датычыць блэнд-праграмаў, якія павінны мець спраўную метадалогію дыстанцыйнага навучання. Гэтаксама замежныя стажыроўкі ў заходніх бізнес-школах маглі б стаць каштоўным урокам для бізнес-адукатараў, якія фактычна не маюць у каго вучыцца ўнутры краіны. Гэтыя крокі б павысілі якасць працы выкладчыкаў і кампетэнцыі бізнес-школаў.

Зважаючы на канкурэнцыю паміж рознымі бізнес-адукатарамі дапамога міжнароднай супольнасці мае быць як мага больш шырокай, каб не стаць інструментам у канкурэнтнай барацьбе. Тым болей, што дзяржаўныя і камерцыйныя кампаніі праз свой статус часам могуць не адпавядаць патрабаванням грантадаўцаў, то найлепшым партнёрам для супрацоўніцтва з замежнымі фондамі ўяўляюцца асацыяцыі, якія аб’ядноўваюць правайдараў бізнес-адукацыі.

Гэтаксама грошы замежных фондаў маглі бы быць накіраваныя на развіццё адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, дзе цана бізнес-навучання застаецца адносна высокай. Адначасова з паляпшэннем адукацыйных праграмаў, дзякуючы замежным сродкам, беларускія бізнес-адукатары маглі б развіваць сваю прысутнасць у рэгіёнах, якая б дапамагала стварэнню новага кіраўнічага класу беларускіх кампаніяў», - падсумоўваецца ў аналітычнай паперы.

Поделиться: