Як рэагаваць на гвалтоўныя дзеянні беларускіх уладаў?

29 марта 2017
Яраслаў Крывой, Оstro.by
Политика

Пасля гвалтоўнага падаўлення мірных палітычных пратэстаў у Беларусі многія палітыкі ў заходніх сталіцах апынуліся ў разгубленасці.

Ці павінны яны ізноў увесці санкцыі, ці ігнараваць парушэнні правоў чалавека з геапалітычных меркаванняў?

Каб вырашыць гэтую дылему, важна зразумець, чаму беларускія ўлады вяртаюцца да гвалту, пiша Яраслаў Крывой на  Оstro.by.

Чаму ўлады прынялі залішнія меры?

Мала хто сумняваецца ў гатоўнасці Аляксандра Лукашэнкі ўжываць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, але меркаванні экспертаў разыходзяцца ў адказе на пытанне, чаму ён ужыў гвалт менавіта ў сакавіку гэтага года. За апошнія некалькі гадоў улады устрымліваліся ад прымянення шырокамаштабнага гвалту. За несанкцыянаванымі акцыямі пратэсту апазіцыі вялося назіранне, але буйнамаштабны гвалт да гэтага месяца не выкарыстоўваўся.

Відавочна, што ўлады хочуць прадухіліць будучыя пратэсты. Паводле іх логікі, жорсткая рэакцыя на невялікі пратэст прымусіць людзей думаць двойчы, перш чым пратэставаць зноў. Хоць агульная колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у “пратэстах дармаедаў” па ўсёй Беларусі было ніжэйшай, чым на многіх дэманстрацыях апазіцыі ў мінулым, іх распаўсюд у рэгіёны і ўдзел раней апалітычнай часткі насельніцтва напалохалі ўладу.

Рэакцыя ўладаў гэтым разам была менш жорсткай, чым у перыяд рэпрэсіяў пасля выбараў у снежні 2010 года. Але сотні затрыманых і збіццё актывістаў апазіцыі набліжаюць найгоршыя перыяды праўлення Лукашэнкі.

Важна адзначыць, што пік рэпрэсій адбыўся падчас святкавання Дня Волі, арганізаванага апазіцыяй, а не больш спантанных  “пратэстаў дармаедаў”, што адбываліся да гэтага. Такім чынам, улады прадэманстравалі сваю нецярпімасць да арганізаванай апазіцыі, і даказалі сваю лаяльнасць Расіі і яе антызаходняму, антымайданаўскаму курсу.

Некаторыя эксперты бачаць прычыну ў намаганнях прарасійскіх элементаў у праваахоўных органах, якія зацікаўлены ў пагаршэнні адносінаў паміж Захадам і Беларуссю. Паводле гэтай логікі, чым горшая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, тым больш сілы маюць сілавікі і тым бліжэй краіна набліжаецца да Расіі. Некаторыя эксперты таксама выказалі здагадку, што супрацоўнікі беларускага АМАПа мараць пра расійскіх заробкі, якія значна вышэйшыя за беларускія.

Іншыя сцвярджаюць, што гэта сын Лукашэнкі, Віктар, спрабуе паказаць сябе як жорсткі лідар.

Аднак, як і ў 2010 годзе, адсутнасць якіх-небудзь пераканаўчых доказаў азначае, што ўсе гэтыя тэорыі з’яўляюцца вельмі спекулятыўнымі.

Дзве жыццёвыя пагрозы беларускага рэжыму

Асноўная стратэгічная мэта беларускага кіраўніцтва – захаваць уладу. Пры адсутнасці рэальных выбараў, яно сутыкаецца з дзвюма экзістэнцыйнымі пагрозамі.

Па-першае, пагроза ўнутранага бунту, які выглядае вельмі рэальным пасля рэвалюцыі ва Украіне. Эканамічны крызіс, рост беспрацоўя і палітычная нецярпімасць у Беларусі спрыяюць гэтаму сцэнару.

Другая пагроза  — гэта адкрытае або прыхаванае ўмяшанне Расіі. Расія мае вялізны ўплыў на беларускіх сілавікоў, эканоміку краіны, а таксама сродкі масавай інфармацыі. Для таго, каб супакоіць Расію, беларускія ўлады хочуць падкрэсліць, што Беларусь з’яўляецца адзіным рэальным саюзнікам  на яе заходніх межах. Аднак эканамічны ціск з боку Расіі, жаданне размясціць ваенна-паветраную базу, а таксама ўмяшальніцтва Расіі ў справы іншых краінаў ад Украіны, Малдовы, і Чарнагорыі да ЗША не могуць быць цалкам ігнараваныя ўладамі.

У свядомасці беларускага кіраўніцтва сур’ёзнае паляпшэнне адносінаў з Захадам прывядзе да палітычнай лібералізацыі і больш высокай верагоднасці хатняй рэвалюцыі. Акрамя таго, Расія раўніва назірае за любым празаходнім крокам  Лукашэнкі, умацоўваючы гэтым другі сцэнар. Да прыкладу, Расія аператыўна адрэагавала на ўвядзенне ў Беларусі бязвізавага рэжыму для заходніх грамадзян шляхам ўвядзення памежнага кантролю з Беларуссю.

Палітычнае выжыванне, а не дабрабыт насельніцтва, кіруе дзеяннямі беларускіх уладаў. Любое паляпшэнне адносінаў з Захадам можа прынесці некаторыя кароткатэрміновыя выгады, але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта пагоршыць дзве асноўныя экзістэнцыйныя пагрозы. Акрамя таго, антызаходняя гульня і задушэнне дэманстрацый добра прадаецца ў Расіі, якая з’яўляецца галоўным геапалітычным спонсарам беларускага палітычнага рэжыму.

Як павінен рэагаваць Захад?

Улічваючы гэтыя дзве экзістэнцыйныя пагрозы, любы аптымізм з нагоды сур’ёзных паляпшэнняў у адносінах Беларусі з Захадам недарэчны. Адкінуўшы неапраўданыя чаканні, Еўрапейскі саюз павінен дакладна вызначыць тыя вобласці супрацоўніцтва, якія павінны залежаць ад паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама тыя, якія павінны ажыццяўляцца ў любым выпадку.

Еўрапейскі саюз будзе адчуваць ціск неабходнасці рэагаваць на нядаўнія парушэнні правоў чалавека з-за сваіх каштоўнасцяў. Тым не менш, слабыя рычагі ўплыву ЕС у Беларусі абмяжоўваюць варыянты дзеянняў да вяртання санкцый і зніжэння афіцыйных кантактаў на высокім узроўні.

З іншага боку, лібералізацыя візавага рэжыму, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і прадпрымальнікаў павінны ўмацоўвацца і надалей атрымліваць падтрымку. Прагрэс у гэтых галінах у першую чаргу стварае выгады для беларускага насельніцтва, якое знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы: яно пазбаўленае многіх правоў чалавека і пастаўленае на мяжу матэрыяльнага выжывання. У той жа час іншыя праекты з беларускімі ўладамі могуць быць перагледжаны або прыпыненыя.

У кароткатэрміновай перспектыве будзе важна ўбачыць, ці вызваляць улады усіх асобаў, затрыманых у сакавіку, у тым ліку арыштаваных па сумнеўным абвінавачанні ў падрыхтоўцы збройнага “путчу”.

Калі часы палітвязняў вярнуцца ў Беларусь, краіна, хутчэй за ўсё, убачыць яшчэ адзін цыкл санкцыяў-уцягвання з Захадам.

Яраслаў Крывой, галоўны рэдактар Belarus Digest і заснавальнік Цэнтра Астрагорскага. Оstro.by


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: