Главная / Медиасервис / /

Беларусь атрымала ад Расіі саступкі па газе і нафце, але што Расія атрымала ўзамен?

18:20 / 16 апреля 2017
Автор: Сяргей Богдан, Ostro.by
Беларусь атрымала ад Расіі саступкі па газе і нафце, але што Расія атрымала ўзамен?

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу, Уладзімір Пуцін заявіў, што ўсе пытанні па нафце і газе паміж дзвюма краінамі вырашаныя.

Сродкі масавай інфармацыі Беларусі хорам паведамілі пра саступкі Крамля. Аднак тое, што Мінск аддасць наўзамен, застаецца незразумелым. Аляксандр Лукашэнка прыадчыніў таямніцу, калі сказаў, што на сустрэчы абмяркоўвалася больш бяспека, чым энергетыка, пiша Ostro.by.

Масква сапраўды хоча наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з Мінскам у сферах бяспекі і знешняй палітыкі. Напярэдадні сустрэчы 31 сакавіка Рада Бяспекі РФ правяла нараду па расійска-беларускіх адносінах. Абодва ўрады рашуча настроіліся вырашыць пытанні, важныя для кожнага з іх: пастаўкі расійскага газу і нафты для Мінска, супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы бяспекі і знешняй палітыкі для Масквы.

Тым не менш, многія іншыя пытанні ў адносінах з Расіяй застаюцца праблемнымі. Сёння нават вядучыя спецыялісты ў беларускім урадзе сумняюцца ў карысці еўразійскай інтэграцыі ў яе цяперашнім выглядзе.

Гандаль саступкамі паміж Масквой і Мінскам

Ацэнкі вынікаў саміту ў Пецярбургу рэзка адрозніваліся сярод беларускіх і расійскіх СМІ і аналітыкаў. Так, напрыклад, руская ліберальная газета Коммерсант сцвярджае, што Масква саступіла амаль усе магчымыя пазіцыі, і Лукашэнка выйшаў пераможцам у гандлі. Між тым, многія беларускія аналітыкі, такія як Дзяніс Мельянцоў, настойваюць на тым, што Мінск мусіць даць Маскве нешта важнае ўзамен.

СМІ паведамілі пра тое, што Крэмль пагадзіўся даць Мінску: зніжку на газ з пачатку 2018 года і аднаўленне нафтавых паставак у ранейшых аб’ёмах.

Але падказку пра тое, на што Мінск пагадзіўся ўзамен, агучыў сам Лукашэнка. Ён абвясціў, што пытанні нацыянальнай бяспекі былі найбольш важным прадметам абмеркавання на сустрэчы.

Чаму менавіта цяпер?

Рашэнне гэтай спрэчкі было агучана ўжо мінулым летам, але толькі цяпер кіраўніцтва Расіі зрабіла прапанову. На крок Пуціна, верагодна, паўплывалі два буйныя міжнародныя фактары.

Першы — геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне. Разбіліся надзеі Расіі, што Трамп будзе больш прыязным кіраўніком ЗША, а напружанасць ва Усходняй Еўропе застаецца высокай як ніколі, таму Маскве патрэбны менш свавольны Мінск, каб лягчэй вырашаць шматлікія надзённыя праблемы.

У прыватнасці, Мінск патрэбны Маскве, каб правесці вайсковыя вучэнні Захад-2017. Да гэтага часу беларускія чыноўнікі імкнуліся нівеляваць канфрантацыйныя аспекты вучэнняў і падкрэслівалі неабходнасць празрыстага іх правядзення. Мінск вельмі не жадае далейшага абвастрэння адносінаў з праціўнікамі Расіі.

Па-другое, Масква, верагодна, хацела б пакласці канец апошняй спробе Мінска прывезці нерасійскую нафту ў рэгіён праз схему рэгіянальнага супрацоўніцтва. Мінск ужо паспеў ціха прывезці азербайджанскую нафту, а ў апошні час пачаў таксама закупляць іранскую нафту. У абодвух пачынаннях ён супрацоўнічаў з Украінай, а ў апошнім выпадку, магчыма, нават карыстаўся дапамогай Польшчы. У цяперашні час кіраўніцтва Расіі мае напружаныя адносіны з абедзвюма гэтымі краінамі.

Вынікі гэтых намаганняў могуць здацца невялікімі, але яны не былі дарэмнымі. Эфектыўнасць такіх схемаў паставак нафты можа павялічыцца, калі Беларусь здолее зрабіць дыверсіфікацыю калектыўным праектам, які ажыццяўляецца сумесна з іншымі краінамі рэгіёну. Мінск разумее гэта, і яго здзелкі з Украінай і кантакты з іншымі краінамі гэта даказваюць.

Больш за тое, як сказаў Лукашэнка у інтэрв’ю тэлеканалу Мір 7 красавіка, беларускі ўрад рыхтуецца імпартаваць нерасійскую нафту і ў будучыні:

Мы заканчваем ў бліжэйшы час мадэрнізацыю нашых нафтаперапрацоўчых заводаў, хоць яны і цяпер вельмі высокага ўзроўню. Але скончым — выхад светлых нафтапрадуктаў будзе 95%, тады пытанне па нафце адпадзе само па сабе. Мы зможам з любога рынку купляць нафту, перапрацоўваць у сябе і атрымліваць адпаведны прыбытак. Гэта расійцы таксама разумеюць.

Беларускія чыноўнікі сумняваюцца ў каштоўнасці еўразійскай інтэграцыі

Самая апошняя спрэчка па нафце і газе паміж дзвюма краінамі працягвалася больш за год. На працягу спрэчкі беларускі ўрад здзейсніў некалькі дэмаршаў: Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў самітах Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы і Еўразійскага эканамічнага саюза ў снежні 2016 года, і не падпісваў Мытны кодэкс ЕЭС аж да красавіка 2017 года.

Дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Бельскі рэзка раскрытыкаваў еўразійскую інтэграцыю ў артыкуле, апублікаваным 13 сакавіка на інтэрнэт-партале TUT.BY. Паводле яго, «значэнне Еўразійскай саюза для Беларусі змяншаецца, бо кошты на энерганосьбіты не робяцца бліжэйшымі [да ўнутраных расійскіх].

Гэтая думка супадае з высновамі, якія беларускі ўрад зрабіў па выніках спрэчкі з Крамлём. Да прыкладу, беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў 7 сакавіка падкрэсліў, што розніца ў цэнах на прыродны газ у Беларусі і Расіі вырасла з 38% у пачатку 2014 года да 110% ў 2016 годзе.

Гэта робіць беларускія прадпрыемствы менш канкурэнтаздольнымі, бо іх прадукцыя атрымліваецца даражэйшай за расійскую. І гэта, вядома, супярэчыць пагадненням аб еўразійскай інтэграцыі.

Спрэчкі паміж Мінскам і Масквой павялічваюцца

Газавая спрэчка вывела на пярэдні план і іншыя праблемныя пытанні: скарачэнне паставак нафты, спрэчкі з нагоды экспарту беларускіх прадуктаў харчавання, расійскі пагранічны кантроль на мяжы з Беларуссю, выцісканне беларускіх дэталяў з расійскай прамысловасці, абмежаванне доступу беларускіх прадпрыемстваў да расійскіх абаронных праграмаў і іншыя праблемы – усё гэта перашкаджае двухбаковым адносінам. Многія з гэтых праблемаў нарасталі на працягу многіх гадоў.

Больш за тое, Мінск намякае, што многія з гэтых праблемаў носяць хутчэй палітычны, чым эканамічны характар. Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію з’яўляецца прыкладам. У лістападзе 2016 года Рассельгаснагляд аб’явіў, што выявіў бактэрыі ў мясе, імпартаваным з Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Ён хутка забараніў усе прадукты з гэтага прадпрыемства на расійскім рынку.

Аднак ужо ў лютым 2017 года Рассельгаснагляд дазволіў прэзентацыю прадуктаў гэтага прадпрыемства на выставе Прадэкспа-2017 ў Маскве, і ўручыў яму прызы за высокую якасць. Тым не менш, Рассельгаснагляд адмовіўся зняць абмежаванні на віцебскую прадукцыю птушкагадоўлі ў Расіі.

Аналагічныя праблемы існуюць паўсюль. Як паведамілі ананімныя прадстаўнікі беларускай абароннай галіны Коммерсанту, “нягледзячы на ​​ўсе пагадненні, мы застаемся чужымі для расійскага дзяржаўнага абароннага заказу. А ён ўключае ў сябе мноства катэгорый прадуктаў: ​​ад настольных лямпаў і тканіны да тралейбусаў.”

Карацей кажучы, беларуска-расійкія адносіны пакутуюць ад больш фундаментальных праблем, чым проста гандлёвыя спрэчкі паміж найбліжэйшымі саюзнікамі. На саміце ў Санкт-Пецярбургу два ўрады вырашылі найбольш надзённыя праблемы ў галіне энергетыкі і бяспекі. Тым не менш, многія іншыя праблемы захоўваюцца, нягледзячы на ​​доўгія гады заяўленай інтэграцыі. Большасць віны за гэта ляжыць на палітыцы Крамля, і новыя спрэчкі паміж Мінскам і Масквой абавязкова паўстануць у будучыні.

Сяргей Богдан, Ostro.by.

Другие публикации

Топ-7 самых беспокойных стран мира
19:23 / 17 августа 2017

Топ-7 самых беспокойных стран мира

Институт экономики и мира опубликовал свой ежегодный Global Peace Index, в рамках которого проанализированы 162 страны мира и составлен рейтинг самых спокойных и беспокойных стран мира.