Главная / Медиасервис / /

Беларусізацыя – грамадства робіць, улады да пары дазваляюць

06:00 / 21 июня 2017
Автор: Сергей Запрудский, Thinktanks.by
Беларусізацыя – грамадства робіць, улады да пары дазваляюць

На форуме Астрагорскага, што адбыўся 19 чэрвеня ў Мінску, паспрабавалі разабрацца ў з'яве так званай «мяккай беларусізацыі».

На думку Вадзіма Мажэйкі, эксперта па культуры «Ліберальнага клуба», «мяккая беларусізацыя», безумоўна, ёсць як такая, але акрэсліць дакладна яе сутнасць, межы і г.д. даволі складана, бо «кожны кажа пра нешта сваё», «дадае сэнсаў». Эксперт прапаноўвае некалькі стадый успрыняцця гэтай з'явы грамадствам: адмаўленне (год ці два таму можна было яшчэ сустрэць меркаванне, што беларусізацыі няма, што ўсё гэта з разраду мрояў, але за апошнія гады назапасіўся такі пласт прыкладаў, што адмаўляць ужо не выпадае; гнеў (ад дзяржавы не можа зыходзіць нічога станоўчага, таму не трэба беларусізацыі ад яе); торг (выстаўленне ўмоваў, якія будуць сведчаць пра «сапраўдную беларусізацыю»); дэпрэсія (20 год мы рабілі беларушчыну, а зараз улада перахапіла – і беларусізацыя пайшла не па тым накірунку). Усё гэта не ідзе на карысць беларушчыны, мяркуе Вадзім Мажэйка, бо за гэтым не з'яўляецца разумення канцэпта soft power, то бок у нашым выпадку «мяккай беларусізацыі», калі палітычнае ўздзеянне набывае моц праз прывабнасць культуры замест нейкага наўпроставага ціску, прымусу альбо гвалту. Часам з'ява ўспрымаецца, умоўна кажучы, як хуткі пераход усіх на беларускую мову, а вось калі гэтага няма – то якая ж гэта «мяккая беларусізацыя». Але ж, заўважае Вадзім Мажэйка, прымусовыя метады у soft power не прадугледжаныя і не дзейнічаюць.

Мяккая беларусізацыя

Сам эксперт разглядае «мяккую беларусізацыю» як «грамадскі трэнд, які пачынаўся недзе ў 2010 годзе без прывязкі да пэўнай падзеі». «Я найперш гэта звязваю з пачаткам дзейнасці праекту «Будзьма беларусамі» з новым падыходам да прасоўвання беларушчыны. Потым трэнд быў падхоплены бізнесам, пасля падзей вакол Крыма актыўней улючылася дзяржава, тады ж была заўважана пэўная нават яе падтрымка гэтага кірунку. Але дзяржава заўсёды тут была і знаходзіцца на трэціх ролях. Тут і моц, і слабасць беларусізацыі, - лічыць Вадзім Мажэйка. - З аднаго боку, няма пэўных крокаў, якіх чакаюць у некаторых колах грамадства, бо няма нарматыўна-прававых актаў, на якія можна абапірацца ў дзеяннях, але адначасова моц у тым, што трэнд беларусізацыі не дзяржавай распачаты і не ёй будзе скончаны. У дзяржавы ёсць вялікая праблема – несістэмнасць і непаслядоўнасць культурнай палітыкі».

На думку эксперта, мэты гульцоў на полі беларусізацыі шмат у чым сыходзяцца, але пакуль «мяккая беларусізацыя» – гэта пошук межаў, «няма інстытутаў, таму кожны гулец сам спрабуе нешта зрабіць, намацаць, каб пабачыць магчымасць ці немагчымасць рэалізацыі сваіх крокаў».

Абмежаваная беларусізацыя

Удзельнік дыскусіі, шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько лічыць беларусізацыю абмежаванай. У якасці прыкладу ён распавёў пра сустрэчу рэдактароў недзяржаўных выданняў і рэсурсаў з кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі напачатку сакавіка. Дынько паспрабаваў давесці чыноўнікам пра важнасць каналу з мультфільмамі на беларускай мове для дзяцей - «гэта падставовая рэч, бо пра якую беларусізацыю можна казаць, калі мультфільмаў па-беларуску няма». «Міністр інфармацыі Лілія Ананіч скарагаворкай адказала: «Гэта для нас неактуальна», і дадала, што часопіса «Вясёлка» дастаткова для патрэб беларускіх дзяцей. Гэта паказвае абмежаванасць той беларусізацыі, пра якую нам доўга расказваў Вадзім Мажэйка. - сказаў Андрэй Дынько. - Калі мы паглядзім на нейкія базавыя вымяральныя тэндэнцыі, звязаныя з гэтай сферай, то нейкага аптымізму ў мяне не ўзнікае. Напрыклад, лічбы беларускамоўнага школьніцтва ў нашай краіне: з 1995 года па 2006-ы мы скаціліся да ўзроўня 1986 года – 22% беларускамоўных школьнікаў. Але з 2006-га па сёння - яшчэ ўдвая, то бок каля 10% беларускамоўных школьнікаў пачнуць навучальны год. Пры тым гэтыя самыя беларускамоўныя школы застаюцца беларускамоўнымі часта толькі на паперы. Сітуацыя настолькі драматычная, што беларускамоўных настаўнікаў для гэтых школ не знайсці. У ВНУ статыстыка яшчэ горшая. Размовы пра стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта ўткнуліся ў глухі тупік».

Андрэй Дынько падкрэслівае, што «не можа быць чалавека, не можа быць нацыі без нацыянальнай ідэі». «Калі нам кажуць, як у Савецкім саюзе, што ў нас не нацыяналізм, а інтэрнацыяналізм – гэта проста азначае тое, што нам падсоўваюць іншую нацыянальную ідэю замест беларускай нацыянальнай ідэі, толькі называюць гэта інтэрнацыяналізмам. Што да аптымізму наконт некаторых чыноўнікаў, то наяўнасць ва ўладзе людзей, для якіх беларуская гісторыя і культура нешта значаць, не азначае, што ў нас вядзецца нейкая паслядоўная палітыка ў гэтым кірунку», - лічыць Андрэй Дынько.

Паводле шэф-рэдактара «Нашай нівы», у прыватных размовах прадстаўнікі ўлады ўвесь час падкрэсліваюць, што «яны і хацелі б нешта зрабіць у кірунку беларушчыны, але ж вы разумееце, што пачнуць гаварыць і пісаць у Маскве». «Я раблю выснову з гэтага, што ўлады Беларусі на сёння, гэта прыкра, але трэба прымаць гэта як рэальнасць, несамастойныя не толькі ў палітыцы бяспекі ці эканамічнай, але і ў культурнай, - зазначыў Дынько. - Яны не лічаць сябе ў праве, не бачаць магчымым праводзіць тую культурную палітыку, якую, магчыма, нават і хацелі б».

На думку Андрэя Дынько, дзяржава дае зараз магчымасць грамадскім актывістам рабіць тое, што яны хочуць ў сферы культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці, пакуль за гэтым не стаіць замах на ўладу: «Але ў палітыцы дзяржавы гэта не мэта, а сродак для вырашэння нейкіх доўгатэрміновых і кароткатэрміновых палітычных задач. Але мы павінны карыстацца і гэтым».

Другие публикации

Евгений Прейгерман. Слухи о потолке белорусской независимости преувеличены
19:16 / 24 сентября 2017

Евгений Прейгерман. Слухи о потолке белорусской независимости преувеличены

Пределы белорусского суверенитета определяются не тем, что делает Москва, думает Киев или заявляет Вильнюс. А тем, насколько разумно и эффективно в существующих условиях действует Минск.