Главная / Медиасервис / /

Ірына Дубянецкая: Беларускі пераклад Бібліі павінен стаць агульнанацыянальным праектам

06:00 / 11 сентября 2017
Автор: Сяргей Запрудскі, Thinktanks.by
Ірына Дубянецкая: Беларускі пераклад Бібліі павінен стаць агульнанацыянальным праектам

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі не мог, безумоўна, абмінуць 500-годдзе беларускай друкаванай Бібліі. Тым больш, што менавіта на Кангрэсе-2012 стварылася секцыя яе новага перакладу.

На сёння ў Беларусі ёсць, акрамя Скарынаўскага пераклада на мову, блізкую да тагачаснай беларускай, тры поўныя пераклады Бібліі на сучасную. Гэтую працу зрабілі гісторык мовы Янка Станкевіч (выдадзеная ў 1970-1973 гадах у ЗША), перакладчык Васіль Сёмуха (выд. 2002 года ў Мінску) і айцец Уладыслаў Чарняўскі (выд. 1997-2002 гг. у Мінску).

У 2012 годзе, на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе сфармаваная секцыя навуковага біблійнага перакладу, то бок гаворка ідзе ўжо аб калектыўнай працы над яшчэ адным перакладам Бібліі на беларускую мову. Ініцыятар стварэння секцыі Ірына Дубянецкая, акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму, доктар сакральнай тэалогіі і доктар філасофіі, пачала размову з Thinktanks.by з тлумачэння аднаго са слоганаў, які з'явіўся падчас пяцігадовай працы калектыву - народная Біблія.

— Два моманты ў гэтым ёсць. Адзін, гэта тое, з чаго гэты слоган пачынаўся (яго, дарэчы, прапанаваў літаратар і перакладчык Павел Касцюкевіч), ён базуецца на тым, што пераклады Бібліі адыгрывалі заўсёды, ва ўсе часы, вельмі значную культуратворчую ролю. У Беларусі гэтая справа не была зробленая, і мы так разумеем, што пераклад Бібліі сам па сабе, пераклад Бібліі для XXI стагоддзя павінен быць менавіта такім праектам для ўсіх беларусаў, нацыянальным праектам, бо гэта Біблія, якая адрасаваная ўсім, гэта пераклад, у якім могуць прымаць удзел усе, на самым розным узроўні, настолькі, наколькі чалавек можа прыняць у гэтым удзел. То бок, напрыклад, у абмеркаванні вельмі складаных або больш-менш складаных лінгвістычных пытаннях, звязаных з беларускай мовай, безумоўна, тут не пра тое, што тычыцца спецыялістаў у гэбрайскай, арамейскай і грэцкай мовах. І без зацікаўлення грамадскасці гэты праект не мае сэнсу, таму што ў XXI стагоддзі сама па сабе Біблія як падмуркавы, фундаментальны тэкст нашай цывілізацыі адыгрывае ўсё большую ролю, чым калісьці.

Другая рэч звязаная з разуменнем, якое прыйшло ў рэчышчы святкавання 500-годдзя беларускай друкаванай Бібліі. Францішак Скарына, калі рабіў свой праект – біблійны пераклад і выданне ў Празе, то меў на ўвазе Біблію не выключна для царкоўнага ўжытку, а для ўсіх людзей паспалітых. І ён гэта падкрэсліваў самымі рознымі сродкамі, якія былі заўважныя адукаванаму чалавеку XVI стагоддзя, і якія былі прапушчаныя пазней, таму што былі нецікавыя даследчыкам ХХ стагоддзя. Біблія Скарыны насіла свецкі характар. Але ж і пасля Скарыны ніхто таксама гэтым не цікавіўся, гэта не адбывалася ні ў Еўропе, ні ў Беларусі. І вось тое, што мы робім цяпер, гэта таксама Біблія, якая адрасаваная найперш чалавеку. Якая адрасаваная не для літургічнага ўжытку — хаця для літургіі яна таксама можа быць ужытая, безумоўна, але самы галоўны адрасат — гэта чытач, гэта любы чалавек, які можа далучыцца, дакрануцца да гэтага падмуркавага тэксту Заходняй цывілізацыі і такім чынам штосьці для сябе ўзяць незалежна ад свайго веравызнання.

— Вы кажаце пра шырокае грамадскае абмеркаванне, удзел грамадскасці ў праекце. Зараз можна пра нешта такое ўжо казаць? Ёсць нейкая зваротная сувязь?

— Пакуль што вельмі слаба, вельмі мала было магчымасці. Зноў такі дзве рэчы. Адна рэч — гэта праца з нашага боку, другая — зваротная сувязь. З нашага боку патрэбныя большыя, чым мы маем, сілы, час і высілкі, каб падрыхтаваць гэтую пляцоўку для грамадскага абмеркавання. У ідэале гэта мог бы быць інтэрнэтны форум, на які мы маглі б выносіць усе свае праблемы, таму што пры перакладзе праблемаў нашмат больш, чым яснасцяў. Непараўнана. Праблемы паўстаюць на кожным кроку, і вырашаць часам іх бывае настолькі цяжка, што прымаюцца арбітральныя рашэнні. Калі мы бачым два-тры-чатыры варыянты — і ўсе кепскія. Яны кепскія з розных пазіцый. Могуць быць кепскія лінгвістычна, могуць быць звязаныя з тым, што сапраўды ў Бібліі месца цьмянае, а могуць быць звязаныя з тым, што традыцыя прачытвае месца не так, як яно бачыцца ў сучаснай біблеістыцы. І таксама вось, скажам, магчымасць адыходу ад традыцыі, асабліва калі гэта вельмі вядомыя, любімыя і ўплывовыя тэксты, бывае вельмі рызыкоўнай для перакладчыкаў. Рызыкоўнай у сэнсе непрыняцця грамадскасцю. Бо, канечне, гэты тэкст павінен быць прыняты. З аднаго боку, хочацца ачысціць гэты тэкст ад напластаванняў няслушных прачытанняў і скажэнняў і даць яго ў найлепшым выглядзе беларускаму чытачу, а з другога боку, гэты тэкст павінен адгукнуцца ў людзях. І таму, канечне, гэтая пляцоўка павінна быць, і тут думка, уплыў, абмеркаванне ідэй незаангажаваных наўпрост у перакладзе Бібліі магла б быць вельмі важная.

А другая рэч, гэта тое, што пакуль што надрукавана было вельмі мала з нашага перакладу. У трох нумарах часопіса "Дзеяслоў" тры кавалачкі. Такога ніхто ніколі ў нас не рабіў, бо гэта не проста прадстаўляецца новы пераклад, а ён прадстаўляецца з прадмовамі, каментарамі, якія ажыўляюць, актуалізуюць гэты тэкст для сучаснага чытача, як спецыяліста, так і не спецыяліста, практычна для любога адукаванага чалавека. Гэта вельмі вялікая праца — падрыхтаваць гэтыя каментары. Дзякуючы часопісу "Дзеяслоў" яна пабачыла свет. Але аўдыторыя была не вельмі вялікая ў прачытанні гэтага тэксту, гэта аўдыторыя часопіса, і водгукаў было сапраўды мала. Але гэта не значыць, што іх будзе мала і надалей, гэта проста пытанне зноў-такі нейкай інфармацыйнай падтрымкі.

— Калі ласка, прадстаўце секцыю, з каго складаецца калектыў праекту?

— Гэта вельмі кваліфікаваныя людзі самай рознай адукацыі. Якраз гэты калектыў па сутнасці склаўся дзякуючы Міжнароднаму кангрэсу даследчыкаў Беларусі 2012 году. На секцыю навуковага біблійнага перакладу прыехалі з розных краёў свету беларусы, якія займаліся, так ці інакш былі датычныя да пытання з 80-х гадоў. Склалася група, якая пабачыла ў сабе і сілы, і магчымасці, і жаданне працаваць. Зразумела, гэта робіцца на энтузіязме, усе людзі занятыя, ва ўсіх людзей сваё поўнае жыццё, і сапраўды, досыць складана ўсё арганізаваць. У групу ўваходзяць перакладчыкі вышэйшага класу. Сяргей Шупа, вядомы паліглот і выдатны знаўца біблійнай і класічнай літаратуры, які перакладае з многіх моваў на беларускую. Ён яшчэ ў 80-я гады вывучыў гэбрайскую мову адмыслова для перакладу Бібліі, але тады не выпала – і вось цяпер ён бярэ ўдзел у гэтым. Літаратар Павел Касцюкевіч, які нядаўна далучыўся да праекта, які вучыўся ў Ізраілі і ў якога таксама гэбрайская мова вельмі добрая. Гэта біблеіст вышэйшага класу Галіна Сініла. Я, Ірына Дубянецкая, таксама з высокай біблеістычнай падрыхтоўкай, бібліестычна-багаслоўскай і філалагічнай. Гэта доктар біблеістыкі Караліна Мацкевіч, якая вучылася ў Лондане, Парыжы і Шэфілдзе (гэта вельмі знаны сусветны біблеістычны цэнтр), атрымала дактарат. Пачынаў і ўсе гады з намі вельмі добра ішоў адзін з найлепшых беларускіх філолагаў Зміцер Саўка — ягоны заўчасны адыход з гэтага свету, канечне, вельмі моцна ўдарыў па нас. Ён вельмі глыбока быў у праекце і, сапраўды, быў, відаць, адзіны чалавек, хто быў са мной абсалютна на кожным этапе, на кожным кроку гэтага праекта, вельмі многа рабіў для грунтоўнай, асэнсаванай адаптацыі біблійных тэкстаў на беларускую мову. Гэта дактарант у біблеістыцы Варшаўскага ўніверсітэта айцец Сяргей Сурыновіч, які таксама вельмі доўга і ў адзіночку працаваў над праблемамі перакладу Новага Запавету на беларускую мову, цяпер працуе над перакладам Септуагінты. Гэта філолаг-класік Ягор Прыстаўка, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выдатны знаўца грэцкай мовы. Гэта айцец Міхал Самкоў, таксама гэбраіст, ён цяпер на штудыях у Аўстрыі, але спадзяюся, што ён застаецца сярод нас. Гэта выдатны знаўца розных моваў і выдатны знаўца гэбрайскай традыцыі Віталь Зайка, ён арыентуецца ў гэтай мове на ўзроўні нюансаў сэнсу. Гэта літаратар, стыліст і перакладчык Галіна Дубянецкая, выдатны стыліст і эрудыт Мікола Раманоўскі. Цяпер далучаецца пасля адыходу Змітра Саўкі філолаг Віталь Станішэўскі. Усімі арганізацыйнымі пытаннямі працы групы займаецца палітолаг, рэдактар выдавецкага дома «Віта» Вольга Лашкевіч.

— Зразумела, што праца з такім сур'ёзным падыходам, з каментарамі і прадмовамі, будзе ісці яшчэ доўга, і прагназаваць, напэўне, цяжка канчатковыя даты. Але што можна сказаць па бліжэйшым працам?

— Пакуль што мы працавалі над першымі раздзеламі Кнігі Роду і над Песняй Песняў, Евангеллем Яна. Песню Песняў падрыхтаваў Сяргей Шупа, першыя раздзелы Кнігі Роду — я і Караліна Мацкевіч, Евангелле Яна — Ягор Прыстаўка. Менавіта з гэтымі трыма тэкстамі – з прадмовамі і каментарамі – мы хочам падрыхтаваць першую кніжную публікацыю. Мы спадзяваліся гэта зрабіць у 2017 годзе, на 500-годдзе беларускай друкаванай Бібліі, як такі наш унёсак у гэтае святкаванне, спадзяванне яшчэ ёсць, што мы сапраўды сёлета гэта зробім. Песня Песняў ужо падрыхтаваная, каментар рыхтавала Галіна Сініла, падрыхтаваная і Кніга Роду, пераклад – мой і Караліны Мацкевіч, каментары мае. Працуем над Евангеллем Яна, каментар чакаецца ад Сяргея Сурыновіча. І калі гэта атрымаецца, то гэта будзе вельмі добрая рэпрэзентацыя самых розных жанраў, часоў і моваў. І мне здаецца, што гэта магло б атрымацца вельмі добра, цікава для цяперашняй беларускай культурнай сітуацыі і яшчэ з разлікам, канечне, на будучыню.

Нагадаем, Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі пройдзе 15-17 верасня ў Варшаве.

Другие публикации

Беларусь - более безопасная страна для путешественников, чем Россия и Украина
06:00 / 22 ноября 2017

Беларусь - более безопасная страна для путешественников, чем Россия и Украина

Международная компания International SOS, занимающаяся безопасностью путешественников по всему миру и оказанием им медицинской помощи, создала карту самых опасных стран для туристов в 2018 году.