Aliaksandr Papko/radyjo.net

Кангрэс даследчыкаў Беларусі: было няпроста, але форум удаўся

19 сентября 2017
Общество
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Вялікае мерапрыемства ў Варшаве ўдалося правесці за сціплыя сродкі, сярод новых сталіц Кангрэса разглядаюцца Вільня, Беласток і Мінск.

У нядзелю ў Варшаве завяршыўся VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Новае месца правядзення навуковага форума, рэкордная колькасць англамоўных дакладаў, нечаканыя праблемы, звязаныя з недахопам фінансавання — чым запомніўся Кангрэс, "Польскаму радыё" расказалі яго ўдзельнікі і арганізатары.

У VII Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Варшаве прынялі ўдзел каля 400 навукоўцаў. Яны прыехалі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Германіі, Расіі ды іншых дзяржаў рэгіёна. Кангрэс сабраў прадстаўнікоў пераважна гуманітарных дысцыплін, якія прадставілі даследаванні, прысвечаныя мінуўшчыне і розным аспектам жыцця сённяшняга беларускага грамадства.

Прэміі Кангрэса за найлепшыя публікацыі атрымалі гісторыкі Алена МаркаваНаталля Гардзіенка і Алесь Пагарэлы, культуролаг Андрэй Масквін, філолагі Ганна Міхальчук і Герман Бідэр, а таксама сацыёлагі Алена Гапава і Маргарыта Фабрыкант ды інш.

Кангрэс становіцца ўсё больш інтэрнацыянальным, кажа галоўны арганізатар навуковага форума, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч. Галоўнымі дасягненнямі гэтага года можна назваць рэкордную колькасць англамоўных прац і вялікі, у параўнанні з мінулым, удзел польскіх навукоўцаў.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі — гэта сапраўдны феномен беларускага навуковага жыцця, лічыць кіраўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская. Яе ўстанова была адной з суарганізатараў Кангрэса. Ужо сёмы год запар за межамі Беларусі збіраюцца сотні беларускіх даследчыкаў, якія не толькі прадстаўляюць свае дасягненні, але і наладжваюць сувязі з калегамі з-за мяжы, падкрэслівае прафесар Баршчэўская.

Ніна Баршчэўская

Ніна Баршчэўская: "У адным месцы сабралася больш за 400 даследчыкаў. Цяжка сабе ўявіць, як над гэтым можна запанаваць. Аднак усё ўдалося, і "Палітычная сфера" — арганізацыя, якую ўзначальвае Андрэй Казакевіч, — даказала, што яна здольная сабраць такую колькасць даследчыкаў, арганізаваць усё так, каб адбылася цікавая дыскусія і яшчэ правесці падсумаванне гэтай дыскусіі".

Кангрэс прайшоў у вельмі прэстыжных месцах: у хмарачосе Палаца навукі і культуры, а таксама сценах Варшаўскага ўніверсітэта. Аднак з рассяленнем удзельнікаў і кампенсацыяй праезду ўзніклі праблемы. З-за недахопу сродкаў, навукоўцаў прыйшлося размяшчаць у студэнцкіх інтэрнатах. Некаторым было прапанавана ехаць у Варшаву за свой кошт. Арганізатарам прыйшлося адмовіцца ад фірмовых тэчак, блакнотаў і іншай прамацыйнай прадукцыі.

У сувязі з немагчымасцю кампенсаваць праезд, многія ўдзельнікі адмовіліся ад удзелу ў форуме. Менавіта таму з заяўленых 650 выступоўцаў на Кангрэсе прысутнічалі толькі 400, тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч: "Вялікая колькасць удзельнікаў з Беларусі ў апошні момант была вымушана адмовіцца ад прыезду. Тым не менш, Кангрэс адбыўся. Колькасць удзельнікаў была дастаткова высокая, а час, які вызваліўся, быў заняты дыскусіямі і выступамі. Удзельнікі атрымалі больш часу на абмеркаванне. Таму Кангрэс можна лічыць паспяховым".

Праблемы ўзніклі з-за таго, што польскія дзяржаўныя ўстановы, якія першапачаткова выказвалі сваю зацікаўленасць у падтрымцы Кангрэса, незадоўга да старта мерапрыемства вырашылі не аказваць дапамогі, кажа адзін з яго суарганізатараў, прадстаўнік Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра Лукаш Бырскі.

Лукаш Бырскі

Лукаш Бырскі: "Нам вельмі дапамагла польская амбасада ў Мінску, нас падтрымаў Польскі фонд міжнароднага супрацоўніцтва. Аднак, па невядомых прычынах, МЗС Польшчы вырашыў не падтрымліваць Кангрэс, які ўпершыню праходзіць у Варшаве. Тое, што мы змаглі правесці такі вялікі Кангрэс за тыя сродкі, якія мелі, — гэта поспех. Аднак адсутнасць падтрымкі МЗС Польшчы, адсутнасць удзелу такіх устаноў, як Польскі інстытут міжнародных спраў, Цэнтр усходніх даследаванняў, — гэта параза. Гэта яшчэ раз пераконвае нас, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць у Польшчы, каб падымаць цікавасць да Беларусі".

Арганізатары Кангрэса абяцаюць дыверсіфікаваць крыніцы фінансавання, каб падобныя сітуацыі не паўтарыліся, і ўжо задумваюцца, дзе правесці наступны навуковы форум. Падчас выніковай дыскусіі гучалі прапановы арганізаваць яго, як і ў мінулыя гады, у Коўне, правесці ў горадзе меншага памеру ў Польшчы, Чэхіі ці Славакіі, а таксама зладзіць Кангрэс у сталіцы Беларусі.

Ідэя правесці Кангрэс у Мінску вельмі заманлівая, але крые ў сабе рызыку, кажа беларускі філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Уладзімер Мацкевіч (гаворыць у мікрафон) / Фота з Фэйсбука Яраслава Іванюка

Уладзімір Мацкевіч: "Мне вельмі хацелася б, каб Кангрэс прайшоў у Мінску. Але гэта крые шмат небяспек. Небяспека першая: калі ўлады будуць па-ранейшаму перашкаджаць, то Кангрэс пройдзе амаль падпольна, людзі будуць баяцца ў ім удзельнічаць. Небяспека другая: калі беларускі рэжым раптам падтрымаў бы Кангрэс, то ён лёгка ператварыўся б у афіцыйнае мерапрыемства, пазбаўленае свабоды думкі".

Канцэпцыя наступнага, VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, будзе прадстаўлена ўжо на пачатку наступнага году, кажа Андрэй Казакевіч. Арганізатары прытрымліваюцца думкі, што Кангрэс штогод трэба праводзіць у іншым горадзе, каб навуковы форум станавіўся больш інтэрнацыянальным. Сярод наступных месц правядзення Кангрэса даследчыкаў Беларусі разглядаюцца такія гарады, як Вільня, Беласток і Мінск.

Поделиться: