У ЗША пройдзе Першая Вашынгтонская канферэнцыя па Беларусі

16 марта 2017
Thinktanks.by
Политика

4 красавіка 2017 у Вашынгтоне (ЗША), пройдзе Першая Вашынгтонская канферэнцыя па Беларусі: “Перагляд стасункаў: спадчына і перспектывы амерыкана-беларускіх двухбаковых дачыненняў”.

Як нагадвае Інстытут “Палітычная сфера”, якi  выступае адным з партнёраў канферэнцыі, з адкрыццём 25 гадоў таму беларускай амбасады ў Вашынгтоне і амбасады ЗША ў Мінску былі ўсталяваныя афіцыйныя дыпламатычныя стасункі паміж дзвюма краінамі. З тых часоў адносіны Беларусі  і ЗША не былі стабільнымі. Яны зазналі першапачатковы рост (1991-1994), спад (1994-1996), глыбокі крызіс (1996-2008), спробу нармалізацыі (2008-2010 гады), новы крызіс (2010-2014 гады) і яшчэ адну спробу нармалізацыі (пасля 2014). Ваганні былі абумоўлены як  падзеямі ў Беларусі, так і няпростай пазіцыяй, якую займала краіна паміж Усходам і Захадам.

Не ў апошнюю чаргу з-за пагаршэння стасункаў паміж Расіяй і Захадам з 2014 года адносіны паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі зведалі значнае паляпшэнне – абодва бакі шукаюць новы фармат супрацоўніцтва і, здаецца, гатовыя да кампрамісу па праблемных палітычных і геапалітычных пытаннях. У гэтай сітуацыі  істотна дакладна разумець палітычную спадчыну, сучасны стан і праблемы двухбаковых стасункаў.  Першая Вашынгтонская канферэнцыя па Беларусі, арганізаваная  Беларускім інстытутам Амерыкі (БІА) і Нямецкім фондам Маршала ЗША (НФМ), ставіць на мэце абмеркаванне магчымасцяў, перспектываў і напрамкаў супрацоўніцтва ЗША і Беларусі. Яна збярэ шырокае кола даследчыкаў і экспертаў, палітыкаў і службовых асоб, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і іншых бакоў, зацікаўленых у Беларусі і беларуска-амерыканскіх стасунках.


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: