Мова, давер, актыўнасць – на чым грунтуецца беларушчына?

11 ноября 2019
Thinktanks.by
Общество

Смерць вёскі не адаб'ецца на сітуацыі з мовай, далейшае паўстанне нацыянальнага залежыць ад актыўнасці беларусаў – памяркоўнасць вядзе да дэградацыі.

Эксперты дыскусіі «Нацыянальная ідэнтычнасць: дэканструкцыя супярэчнасцяў», што зладзіў Ліберальны клуб, пагаджаюцца: няма мовы і культуры – не будзе нацыі, дзяржава больш за чвэрць стагоддзя, хутчэй, размывала нацыянальную ідэнтычнасць, але незваротную кропку на гэтым шляху беларусы, на шчасце, не прайшлі.

Мова і перапіс

Акадэмічны дырэктар BISS (Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў) філосаф Пётр Рудкоўскі падкрэслівае, што маркеры нацыянальнай ідэнтычнасці могуць быць вельмі рознымі – гісторыя, рэлігія, спорт, гасціннасць, але найлепшым і найважнейшым застаецца мова. «Магчымыя нацыі без мовы – гэта цалкам рэальныя варыянты, але гэта нявыгадная формула рэчаіснасці», - зазначае Рудкоўскі.

Шэф-рэдактар часопіса «Arche» Аляксандр Пашкевіч лічыць, што нядаўні перапіс насельніцтва пакажа нават павелічэнне тых, хто назаве сябе беларусамі ў пытанні прыналежнасці да нацыянальнасці, але што да пытання роднай мовы «перапіс, хутчэй за ўсё, зафіксуе значнае скарачэнне» ў параўнанні з мінулым. «Але не бачу прычынаў асабліва хвалявацца. Чым ёсць беларускамоўная супольнасць, якая фіксавалася на папярэдніх перапісах і, хутчэй за ўсё, зафіксуецца і на гэтым? Яна неаднародная – складаецца з двух частак. Першая частка – большая колькасна – гэта жыхары малых гарадоў і вёсак, для якіх беларуская мова безумоўна родная, мова сям'і, хай гэта і варыянт мовы трасянкавы, але, безумоўна, іх перапісваюць як беларускамоўных. Другая група – людзі, якія жывуць у гарадах, выбіраюць адказ свядома, для іх мова з'яўляецца каштоўнасцю», - сказаў Пашкевіч. Пры гэтым назіраецца колькаснае змяншэнне першай групы, дзе не лічаць патрэбным змагацца за мову, з натуральных прычын – вёска памірае. Але «амаль чвэрць стагоддзя вёска памірала, насельніцтва змяншалася, а лёс беларускай мовы і культуры залежаў увесь гэты час ад асяродкаў беларушчыны, тых, дзе мова галоўная каштоўнасць». «У гэтую групу ёсць прыток моладзі, ёсць прыстасаванне да новых выклікаў, ёсць жаданне і здольнасці ствараць канкурэнтаздольны, прывабны беларускамоўны прадукт. Самае галоўнае, што ўдалося адвязацца ад вёскі, бо доўгі час развіццё беларушчыны было арыентавана на вёску. З 90х гадоў адбываўся адыход ад вясковай тэматыкі, новыя людзі асяроддзя не звязаныя з гэтым. Непазбежная смерць вёскі не азначае смерць беларускай мовы», - лічыць Аляксандр Пашкевіч.

Давер

«У аснове нацыянальнай ідэі ляжыць давер. Давер адзін да аднаго. Гэта самая важная якасць», - лічыць маскоўскі філосаф Максім Гаруноў. На Ўсходзе ўвогуле не важна, на якой мове ты гаворыш, там аб'ядноўвае рэлігія, усё астатняе – другаснае, але «ў Еўропе гэты фактар ужо не працуе», там нацыянальная ідэнтычнасць вызначаецца мовай і культурай. «Калі людзі давяраюць адзін аднаму, калі ёсць аб'яднанне, то знікаюць агароджы. У Фінляндыі ці Эстоніі можна пабачыць толькі дэкаратыўны плот, а не высокі, якім закрываюцца ад суседзяў», - зазначае Гаруноў. Пры гэтым, наяўнасць нацыянальнай ідэнтычнасці наўпрост звязаная з узроўнем дабрабыту: «ёсць нацыя – з'яўляецца і ўсё астатняе».

Дзяржавы ў нацыянальным будаўніцтве амаль няма

«Ніхто не мысліць стратэгічна наверсе. Захаванне ўлады – адна мэта. Наша нацыянальная ідэя мусіць быць праеўрапейскай», - кажа Аляксандр Пашкевіч.

«Фактычная адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі беларускай культуры і мовы прывяла да размывання нашай ідэнтычнасці, - заўважае прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігар Случак. - Без зацікаўленасці дзяржавы ўсе гэтыя муры зламаць цяжка. Усё, што адбываецца – толькі заслуга людзей. Нацыянальная ідэнтычнасць у першую чаргу ўсё ж грунтуецца на мове. Не будзе мовы - мы знікнем як дзяржава, як народ, нас адзінае, што адрознівае ад суседзяў – мова. Усё залежыць толькі ад нас, нашай актыўнасці. Памяркоўнасць – шлях да дэградацыі і знікнення». Але насуперак усяму «беларуская мова становіцца моднай, асабліва сярод моладзі».


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: